Знешняя палітыка Італіі ў 1990‑я – 2010‑я гг

Заканчэнне "халоднай вайны" прывялі да актывізацыі знешнепалітычнага курсу Італіі. Галоўным знешнепалітычным прыярытэтам застаецца ўдзел у заходніх інтэграцыйных структурах – ЕС і НАТО. Італія паслядоўна выступае за паглыбленне еўрапейскай інтэграцыі. У другой палове 2003 г., калі краіна старшынствавала ў Еўрапейскім Саюзе, яе прыярытэтам было абвешчана забеспячэнне найхутчэйшага – яшчэ ў час яе старшынства – прыняцця Канстытуцыі ЕС. Хаця ў вызначаныя тэрміны дамагчыся гэтага не атрымалася, у 2005 г. італьянскі парламент стаў першым заканадаўчым сходам буйнейшых дзяржаў ЕС, што ратыфікаваў Канстытуцыю. Італьянская дыпламатыя выступае за ўзмацненне знешнепалітычных пазіцыяў Еўрапейскага саюзу. Напрыклад, Італія прапаноўвае ў рамках рэформы Рады Бяспекі ААН вылучыць ЕС месца пастаяннага члена гэтай важнейшай міжнароднай структуры.

Італьянскія ўзброеныя сілы аказвалі значную падтрымку НАТО падчас аперацыяў Паўночнаатлантычнага альянсу ў Босніі, Косава і Албаніі. У 2003 г. 1000 італьянскіх альпійскіх стралкоў былі накіраваныя ў Афганістан. Даволі значны вайсковы кантынгент (каля 3 200), супрацоўнікі гуманітарных службаў ды іншых цывільных службоўцаў з Італіі быў разгорнутыя ў Іраку. Напрыканцы 2006 г. урад Р. Продзі адклікаў вайскоўцаў дадому. Таксама Італія брала ўдзел у міратворчых місіях ААН у Самалі, Мазамбіку, Ўсходнім Ціморы, Ліване.

Поруч з традыцыйным інтэграцыйным вектарам у палітыцы Італіі ўзмацняецца тэндэнцыя да ўсталявання ўласнага ўплыву як незалежнага, самастойнага фактара ў іншых краінах і рэгіёнах, найперш – на Балканах і ў Міжземнамор'і. Асноўнай прыладай рэалізацыі італьянскіх інтарэсаў пры гэтым з'яўляюцца – апрача яе палітычнай вагі як уплывовага члена заходняй супольнасці – гандлёва-эканамічныя магчымасці, інвестыцыі, наяўнасць сродкаў для праграм дапамогі ў развіцці. Разам з тым, абгрунтавана выступаючы ў якасці "культурнай звышдзяржавы", Італія мае значныя рэсурсы для ўзмацнення сваіх пазіцыяў у іншых рэгіёнах і краінах, напрыклад у Лацінскай Амерыцы.

Тэма 13. Іспанія ў 1945-1975 гг.

Эканамічнае і палітычнае становішча Іспаніі пасля другой сусветнай вайны. Пасляваенны ўздым антыфашысцкага руху. Праграма "лібералізацыі". "Хартыя іспанцаў". Рэферэндум 1947 г. і абвяшчэнне манархіі. Міжнародная ізаляцыя Іспаніі. Прымірэнне заходніх краін з франкісцкім рэжымам.

Напрыканцы другой сусветнай вайны франкісцкі рэжым апынуўся ў стане крызісу. У першыя пасляваенныя гады іспанская рэспубліканская эміграцыя цешыла надзею, што з перамогай над фашызмам у Еўропе будзе ліквідаваная і дыктатура Ф. Франка. У 1945-1948 гг. за межамі краіны ажывілася дзейнасць палітычнай эміграцыі. У самой Іспаніі супраць франкізму разгарнуўся партызанскі рух, якое галоўным чынам узначальвалі камуністы. Нягледзячы на гераізм левых рэспубліканцаў, гэтая барацьба, якая адбывалася ва ўмовах разрозненасці апазіцыйных франкізму сілаў і знешняй ізаляцыі, была асуджаная на паражэнне. Рэжым абрушыў на партызан усю сілу свайго рэпрэсіўнага апарату і неўзабаве здолеў вярнуць у краіну жалезны парадак.



Партызанская барацьба і ўздым забастовачнага руху сведчылі аб немалых праблемах франкісцкай улады. Пасля краху па выніках другой сусветнай большасці еўрапейскіх дыктатарскіх рэжымаў Ф. Франка, каб захаваць сваю ўладу, прыходзілася быць асабліва асцярожным і вынаходлівым. Сутыкнуўшыся са знешнепалітычнай ізаляцыяй дыктатар пайшоў на "лібералізацыю". 17 чэрвеня 1945 г. быў абнародаваны асноўны закон краіны – "Хартыя іспанцаў"(у той самы дзень была адчынена міжнародная канферэнцыя ў Сан-Францыска), якая канчаткова легалізавала існаваўшую сістэму ўлады. У дакуменце вызначаліся асноўныя правы і абавязкі грамадзян. Але зафіксаваныя "Хартыяй іспанцаў" правы на павагу асобы, на працу, свабоднае выказванне ідэй (калі яны не "замахваюцца на асноўныя прынцыпы дзяржавы"), свабоднае ўтварэнне асацыяцыяў (калі "яны пераследуюць дазволеныя мэты") па сутнасці, не гарантаваліся, а дэмакратычныя свабоды маглі быць прыпыненыя ў любы час праз увядзенне надзвычайнага становішча, як на тэрыторыі ўсёй краіны, гэтак і ў асобных раёнах. У ліпені 1945 г. Ф. Франка правёў рэарганізацыю ўраду, выдаліўшы з яго найбольш ярых фалангістаў і ўзмацніўшы яго сацыяльнае апірышча за кошт манархістаў і католікаў. У тым ліку з разлікам на паляпшэнне вонкавага іміджу краіны было скасаванае традыцыйнае вітанне фалангістаў – фашысцкі салют, а нашэнне фалангісцкай уніформы стала неабавязковым. Акрамя таго, распускалася фалангісцкая міліцыя.



У 1947 г. быў нават праведзены рэферэндум, па выніках якога Ф. Франка выдаў "Асноўны закон аб спадкаванні пасады галавы дзяржавы". Згодна якому за ім пажыццёва замацоўваліся тытулы "генералісімус узброеных сілаў" і "Божай ласкай каўдыльё Іспаніі". Іспанія абвяшчалася "каталіцкай, сацыяльнай і прадстаўнічай дзяржавай", якое згодна з гістарычнай традыцыі канстытуявалася як каралеўства. Будучы бездакорным манархістам, Ф. Франка не прэтэндаваў на заняцце прастолу, але й не рабіў нічога, каб запоўніць вакантнае месца. Ён сам насіў мундзір генерал-капітана (званне, якое згодна традыцыі належала каралю) і меў за рэзідэнцыю каралеўскі палац Эль Парда, а яго партрэты ўпрыгожвалі большасць іспанскіх манет і паштовых марак.

Крызіс, у якім апынуўся франкісцкі рэжым, не прывёў Іспанію на шлях дэмакратычнага развіцця. Манархія без манарха, або каралеўства з незанятым прастолам, спалучала ў сабе рысы вайсковай дыктатуры, каталіцызму і манархічнай рэстаўрацыі. Прадугледжвалася стварэнне Вышэйшай каралеўскай рады, але толькі сам каўдыльё меў права прапанаваць годную, на яго думку, кандыдатуру на іспанскі трон. Гэткім чынам, уся паўната заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады паводле прынятых законаў, па-ранейшаму знаходзілася ў руках Ф. Франка. Па-ранейшаму абапіраючыся на фашысцкую партыю "Іспанская фаланга", дыктатар таксама арыентаваўся на кансерватыўныя каталіцкія колы і манархістаў.

Сімвалам яднання іспанцаў, на думку Ф.Франка, павінна было стаць стварэнне велічнага мемарыялу ў памяць аб ахвярах грамадзянскай вайны у Даліне паўшых (ісп. Valle de los Caídos), куды былі перанесеныя і перапахаваныя парэшткі загінуўшых ў гады вайны франкістаў і рэспубліканцаў. (Мемарыяльны комплекс быў адчынены ў 1959 г.)

Тым не менш, за падноўленым фасадам захоўваўся ўсё той жа аўтарытарны рэжым, што склаўся пасля перамогі франкізму ў грамадзянскай вайне. Палітычныя партыі (КПІ, ІСРП, буржуазныя рэспубліканскія партыі) і прафсаюзныя арганізацыі левых сіл, што падтрымлівалі ў 1936-1939 гг. Народны фронт, былі забароненыя, а іх актывісты доўгія гады таміліся ў турмах. Жорстка падаўлялася не толькі іншадумства, але таксама нацыянальныя пачуцці народаў нацыянальных ускраінаў Іспаніі – баскаў, галісійцаў і каталонцаў. Іх аўтаномія часоў Народнага фронту была скасаваная, нацыянальнае пытанне абвяшчалася неіснуючай, а дзейнасць нацыяналістычных рухаў за аўтаномію кваліфікавалася як злачынства супраць іспанскай нацыі.

Да канца 1950 г. франкісцкі рэжым здолеў пераадолець палітычны крызіс, але эканамічнае становішча па-ранейшаму заставалася цяжкім. У 1950 г. узровень прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці ўсё яшчэ саступаў адпаведным паказчыкам 1935 г. За гэты час цэы на тавары першай неабходнасці і паслугі выраслі ў 10-14 разоў. Спрабуючы збалансаваць бюджэт урад заахвочвала інфляцыю і падвышала тарыфы. Складаная сацыяльна-эканамічная сітуацыя выклікала масавы забастовачны рух па ўсёй краіне.

Ход другой сусветнай вайны і незваротны крах гітлераўскай Германіі і яе саюзнікаў ставілі Іспанію ў цяжкае знешнепалітычнае становішча. Прымаючы на сваёй тэрыторыі нацысцкіх злачынцаў, дазваляючы гітлераўцам пераводзіць у іспанскія банкі нарабаваныя багацці, яны разам з тым шукалі шляхі да ўсталявання добрых адносінаў з ЗША і Вялікабрытаніяй. Ф. Франка дазволіў амерыканцам выкарыстоўваць шэраг іспанскіх аэрадромаў, парваў дыпламатычныя адносіны, а потым абвясціў вайну Японіі. Ваенна-палітычнае паражэнне фашысцкіх дзяржаў прывяло Іспанію да ізаляцыі на міжнароднай арэне.

Нягледзячы на паспяховую кансалідацыю франкісцкага рэжыму, знешнепалітычнае становішча Іспаніі заставалася вельмі складаным. Патсдамская канферэнцыя пераможных дзяржаў асудзіла Ф. Франка як уладу, усталяваную пры дапамозе фашысцкіх дзяржаў. На гэтай падставе ёй было адмоўлена ва ўступленні ў Арганізацыю Аб'яднаных Нацый. Спецыяльная рэзалюцыя Генеральнай Асамблеі ААН пазбавіла Іспанію права прыёму ў міжнародныя арганізацыі і заклікала дзяржавы-ўдзельніцы разарваць з ёю дыпламатычныя адносіны. Захад адмовіў ёй у дапамозе па лініі "плану Маршала", а Савецкі Саюз "замарозіў" тую частку залатога запасу краіны, якую рэспубліканскі ўрад Народнага Фронту размясціў у Дзяржбанку СССР. У 1946 г. супраць Іспаніі было ўведзена эмбарга (забарона на гандаль) і зачыненая мяжа з Францыяй. Захоўваліся стасункі толькі з суседняй аўтарытарнай Партугаліяй, Ірландыяй, некалькімі краінамі Лацінскай Амерыкі (напрыклад, з Аргенцінай, дзе тады кіраваў Хуан Перон), Азіі ды Арабскага Ўсходу.

Іспанія ў 1950 – 1960‑я гг. палітыка аўтаркіі. Сацыяльна-эканамічны крызіс у другой палове 1950‑х гг. "План стабілізацыі". Эканамічны бум 1960‑х гг. "Опус дэі". Нарастанне крызісу франкізму.

Апынуўшыся ў міжнароднай ізаляцыі і будучы адарваным ад сусветных рынкаў, франкісцкі рэжым быў вымушаны праводзіць палітыку аўтаркіі. Пры гэтым дыктатура стала своеасаблівай прыладай аднаўлення сур'ёзна пацярпелай у гады грамадзянскай вайны эканомікі і яе паскоранага развіцця. Гэта датычылася як манапалістычнага, гэтак і традыцыйнага сектару эканомікі. Улады стымулявалі прыватнае прадпрымальніцтва і канцэнтрацыю вытворчасці, выкарыстоўваў ільготнае падаткаабкладанне ў дачыненні буйнога капіталу.

Дзяржава актыўна ўмешвалася і сельскую гаспадарку. Яна рэгулявала цэны на сельгаспрадукцыю, праводзіла ірыгацыйныя работы, рэгулявала адносіны паміж латыфундыстамі і арандатарамі, выступала пасярэднікам паміж вытворцамі збожжа і спажыўцамі і г.д. Тым не менш, галіна па-ранейшаму развівалася павольнымі тэмпамі, захоўваліся практычна тыя самыя праблемы, што і напачатку ХХ ст. – беззямелле і малазямелле асноўнай масы сялянства і тэхніка-эканамічная адсталасць.

Аднаўленчы перыяд быў скончаны напачатку 1950-х гг. У 1951 г. была скасаваная ўведзеная яшчэ ў час другой сусветнай вайны карткавая сістэма на асноўныя прадукты харчавання. Назіраўся ўпэўнены эканамічны рост: у 1950-я гг. прамысловасць штогод прырастала на 9%, а ВНП – на 4,5%. Напрыканцы 1950-х гг. доля прамысловасці ў ВУП перавысіла долю сельскай гаспадаркі. Удзельная вага сучасных цяжкой, хімічнай, электраэнергетычнай і некаторых іншых галінаў стала пераважаць над традыцыйнымі галінамі лёгкай і здабываючай індустрыі. Іспанская дзяржава брала актыўнейшы ўдзел у нацыянальнай эканоміцы. Буйнейшай дзяржаўна-манапалістычнай структурай стаў Інстытут нацыянальнай прамысловасці. Таксама значную ролю ў справе хуткага эканамічнага развіцця адыгрывалі: актыўнасць замежнага бізнесу, лішкавая, а таму танная працоўная сіла і выдатная сыравінная база (Іспанія – адна з багацейшых краінаў Еўропы па запасах карысных выкапняў).

Тым не менш ужо ў другой палове 1950-х гг. іспанская эканоміка выйшла на максімальны для сваёй аўтаркічнай мадэлі ўзровень і паўстала неабходнасць у ажыццяўленні карэнных рэформаў гаспадарчага механізму. У 1955-1956 гг. у краіне выбухнуў валютна-фінансавы крызіс, сякі скрайне адмоўна адбіўся на грашовым звароце і знешнім гандлі. Новая хваля інфляцыі і рост дарагоўлі вялі да рэзкага падзення даходаў насельніцтва і выклікалі значны рост народнага незадавальнення. У 1959 г. пры ўдзеле амерыканскіх спецыялістаў быў прыняты План стабілізацыі іспанскай эканомікі. Прадугледжвалася аздараўленне фінансавай сістэмы Іспаніі, стварэнне больш спрыяльных умоваў для замежных інвестараў.

Курс на стварэнне "адкрытай эканомікі" даволі хутка даў станоўчы эфект. Краіна ўступіла ў перыяд бурнага эканамічнага развіцця: з 1959 па 1973 гг. яна перажывала "іспанскае дзіва" (ісп. - el millagro económico espanol або проста Desarollo, літаральна "развіццё") і пераўтварылася ў індустрыяльна-аграрную дзяржаву. Па тэмпах эканамічнага росту ў гэты перыяд (каля 7% у год) яна займала другое месца ў свеце, саступаючы толькі Японіі, і стала 9-ай эканомікай у свеце. Паскоранаму прамысловаму развіццю Іспаніі спрыяла выгодная для краіны кан'юнктура сусветнай гаспадаркі і канчатковае станаўленне механізму дзяржаўна-манапалістычнага рэгулявання. Важнымі крыніцамі для фінансавага забеспячэння абнаўлення Іспаніі стаў хуткі рост замежнага турызму (з 6,1 млн. у 1960 г. да 23 млн. чалавек у 1972 г.; даход ад турызму набліжаўся да $2 млрд.) і грошы іспанскіх працоўных эмігрантаў (у гэты час за мяжой стала працавала звыш 800 тыс. чалавек; усяго ў гэтыя гады за мяжой працавала звыш 3 млн. іспанцаў). Эканамічны рост на самой справе значна палепшыў матэрыяльнае становішча іспанцаў, чаму "іспанскае дзіва" найчасцей і лічыцца найбольш пазітыўным дасягненнем франкісцкай эпохі. Адным з сімвалаў Desarollo стаў першы даступны "народны аўтамабіль" SEAT-600 (зроблены па ліцэнзіі італьянскі FIAT 600).

Тым не менш, Іспанія па-ранейшаму заставалася адной з найбольш адсталых краін Заходняй Еўропы (ззаду заставаліся толькі Партугалія, Грэцыя ды Ірландыя). У 1974 г. сярэднестатыстычны даход іспанца складаў толькі 79% ад сярэдняга паказчыку па Заходняй Еўропе (даходы выраўняліся толькі праз 25 гадоў – у 1999 г.).

Ужо пасля паражэння "дзяржаў восі" у другой сусветнай вайне Ф. Франка стаў дыстанцыявацца ад фашысцкай ідэалогіі, а фашысцкія ідэолагі сталі аддаляцца ад асноўных рычагоў дзяржаўнай улады. Напрыклад, у 1955 г. Іспанская фаланга налічвала ў сваіх шэрагах каля 350 тыс. чалавек, але яе прадстаўнікі займалі толькі каля 5% важных дзяржаўных пасадаў у краіне. Месцы фалангістаў займаліся прадстаўнікамі ўпраўленчай і прадпрымальніцкай эліты блізкай да свецкай каталіцкай арганізацыі "Опус дэі" (Opus Dei – лат. "Божая справа"). Новая тэхнакратычная эліта, якая з 1957 г. стала займаць ключавыя пасады ва ўрадзе і сродках масавай інфармацыі, выкарыстоўвала запазычаныя з заходняга вопыту метады дзяржаўна-манапалістычнага рэгулявання (ГМР) і рэкамендацыі Міжнароднага валютнага фонду для будаўніцтва эфектыўнай "адкрытай эканомікі". Умацаванне франкізму, гэткім, чынам, павінна было дасягацца не пустой фалангісцкай траскатнёй, а за кошт мадэрнізацыі эканомікі і падвышэння жыццёвых стандартаў іспанцаў. Разам з вышэйшымі касцельнымі коламі і ўзброенымі сіламі "Опус дэі" стаў найважнейшым апірышчам рэжыму.

Эканамічная лібералізацыя падрыхтавала спрыяльную глебу для лібералізацыі палітычнай. Неабходнасць пэўнага абнаўлення прызнавалася і часткай правячых колаў. У 1966 г. былі прынятыя закон аб друку, які азначаў скасаванне папярэдняй цэнзуры, і "Арганічны закон", што прадугледжваў частковыя выбары ў картэсы і ўсталяванне пасады прэм'ер-міністра. Аднак ужо ў 1967-1968 гг. праціўнікі пераменаў дамагліся аднаўлення цэнзуры, а ўсе "злачынствы" супраць рэжыму ізноў сталі разглядацца не ў грамадзянскіх судах, а ў спецыяльных трыбуналах грамадскага парадку. У студзені 1969 г. у сувязі з масавымі забастоўкамі і студэнцкімі беспарадкамі ў Іспаніі на тры месяцы ўводзілася надзвычайнае становішча. Тады ж быў прыняты закон, згодна якому "Нацыянальны рух" (фаланга) прызнаваўся адзінай палітычнай арганізацыяй Іспаніі і кіруючай сілай нацыі. У 1970 г. была адноўленая смяротная кара за "палітычныя злачынствы".

Аднак перамены настойліва дыктаваліся і вельмі сталым узростам Ф. Франка (нар. у 1892 г.). У 1969 г. каўдыльё нарэшце прызначыў сваім пераемнікам на пасадзе галавы дзяржавы Хуана Карласа дэ Бурбона, унука скінутага ў 1931 г. іспанскага караля Альфонса ХІІІ. Частку сваіх практычна неабмежаваных паўнамоцтваў Ф. Франка перадаў свайму даўняму паплечніку – прэзідэнту ўраду контр-адміралу Луісу Карэра Бланка.

"Нафтавы шок" 1973 г. моцна ўдарыў па іспанскай эканоміцы і спыніў эпоху Desarollo. Беспрацоўе вырасла ў 1975 г. да 21% ад эканамічна актыўнага насельніцтва. Па краіне пракацілася новая хваля забастовак (усё яшчэ супрацьзаконных). Сітуацыяй скарысталіся баявікі баскскай тэрарыстычнай арганізацыі ЭТА і ажыццявілі паспяховы замах на Л. Карэра Бланка (быў падарваны авіябомбай). Новы кіраўнік ураду – Карлас Арыяс Навара – спрабаваў паднавіць рэжым пры дапамозе асцярожных рэформаў (закон аб палітычных асацыяцыях), але стаў заложнікам барацьбы двух урадавых груповак. Скрайне правыя, г.зв. "бункер", выступалі за "закручванне гаек", а "апертурысты" (ад ісп. aperturа – "адкрыццё") бачылі будучае Іспаніі ў паступовым пераходзе да дэмакратыі.


3878235864911032.html
3878299822088151.html
    PR.RU™